Кіева-Пячэрскі пацярык
«Кі́ева-Пячэ́рскі пацяры́к» — помнік арыгінальнай старажытнарускай літаратуры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра.
Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—1230-я гады. Захавалася некалькі спісаў пачатку 15—17 ст., упершыню надрукаваны ў Кіеве (1661).
Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў.
Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «Кіева-Пячэрскі пацярык» былі ўключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пачатку 12 ст. і іншыя.
У пацерыку ўслаўляюцца старажытнарускія будаўнікі, мастакі і царкоўныя дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вялікае значэнне як агульнага культурна-рэлігійнага цэнтра Кіеўскай Русі.
Асноўная крыніца твораў — мясцовыя легенды і паданні. Некаторыя сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візантыйскіх пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца мастацкай арыгінальнасцю. У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты сталь жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гістарычныя факты і звесткі.
-
Агапіт Бязмеднік. Пячэрскі пацярык 1661 года
-
Даміян Цалебнік. Пячэрскі пацярык 1661 года
Публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]- Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кіева-Пячэрскі пацярык // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. С. 249.
- Печерский Патерик // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- История русской литературы. Т. 1. М., 1980.