Арка
А́рка (італ.: arco ад лац.: arcus — дуга, выгін), крывалінейнае перакрыцце праёмаў у сцяне (дзверы, вокны, вароты) ці пралётаў паміж дзвюма апорамі. Складаецца з асобных блокаў, якія шляхам стварэння бакавога распору пераносяць цяжар на апоры. Тэрмін таксама выкарыстоўваецца для любой выгнутай структуры, якая мае форму аркі. Аркі могуць выкарыстоўвацца як канструктыўны архітэктурны элемент, напрыклад, над дзвярным праходам або брамамі, або ў якасці чыста дэкаратыўнага элемента. Як правіла аркі сіметрычныя адносна вертыкальнай восі.
У беларускім дойлідстве арачныя канструкцыі з'явіліся ў XI-XII ст. Адным з варыянтаў з'яўляецца клуатр — арачная галерэя.
Механіка
правіцьАрка ёсць крывалінейны брус плаўнай абрысы, якая нясе будаўнічая канструкцыя. У адрозненне ад вертыкальнага ціску бэлькі, ціск аркі на апоры пахілі, праз што ўзнікае гарызантальная апорная рэакцыя. Ад збору арка адрозніваецца толькі значна меншай шырынёй. Пад вертыкальнай нагрузкай арка працуе пераважна на сціск і ў меншай ступені на выгіб.
Часткі аркі маюць наступныя назвы: пята аркі (папярочнае сячэнне ў апоры), замак аркі (папярочнае сячэнне ў вяршыні аркі), страла ўздыму (адлегласць цэнтра замка аркі ад лініі, якая злучае цэнтры пятак аркі). Адлегласць паміж цэнтрамі пятак называецца разліковай проймай. З павелічэннем стрэлы ўздыму памяншаецца распор аркі. Аркі бываюць бесшарнірныя, двухшарнірныя і трохшарнірныя; калі апорныя канцы аркі злучыць стрыжнем (зацяжкай, якая ўспрымае гарызантальную рэакцыю), утворыцца арка з зацяжкай.
Формы
правіцьУ залежнасці ад унутранага абрысу аркі бываюць паўцыркульныя (апісаныя паўакружнасцю), падковападобныя, лучковыя (апісаныя дугой, меншай за паўакружнасць), стрэльчатыя (утвораныя дзвюма дугамі, якія перасякаюцца пад вуглом), шматлопасцевыя (складаюцца з некалькіх дробных арачак) і іншыя. Вось аркі падбіраюць так, каб выгінальны момант быў як мага малейшы, тады арка будзе найбольш трывалай і ўстойлівай. Трываласць аркі залежыць ад яе формы. Найпрасцейшыя аркі маюць форму паўкруга, аднак тэарэтычна трывалымі з'яўляюцца аркі з формай парабалы або ланцуговай лініі. Парабалічныя аркі ўвёў у архітэктуру іспанскі архітэктар Антоніа Гаўдзі. Такія аркі перадаюць увесь распор на аснову і не патрабуюць дадатковых элементаў.
Аркі адрозніваюць па прызначэнні: папружныя (падтрымліваюць розныя тыпы скляпеністых канструкцый), разгрузачныя (успрымаюць і перадаюць нагрузку ад верхніх частак збудавання).
Разнастайныя формы арак у развіцці архітэктуры набываюць не толькі канструкцыйнае, але і дэкаратыўнае значэнне, становяцца элементамі арнаменту — характэрнымі прыкметамі таго ці іншага стылю: спічастыя і трохлістыя аркі — готыкі, паўцыркульныя — рэнесансныя, падковападобныя — маўрытанскія, кілепадобныя — старажытнарускія і г.д.
Цыліндрычная арка
правіцьСтральчатая арка
правіцьПсеўдарка
правіцьГл. таксама
правіцьКрыніца
правіць- Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапам. для вучняў. / Уклад. Б. Лазука Мн.: Беларусь, 2001. ISBN 985-01-0124-5
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Arch