Збіральніцтва
Збіра́льніцтва — збіранне, здабыванне гатовых дароў прыроды, у асн. прадметаў харчавання і лекавых траў; самы старажытны занятак чалавецтва, што паслужыў у свой час вытокам земляробства. Збіральніцтва мала змянілася на працягу тысячагоддзяў і ў сваім архаічным выглядзе захавалася да нашага часу. Разам з тым прыкметна зменшыліся яго маштабы, што абумоўлена скарачэннем прыродных рэсурсаў, перш за ўсё — масіваў першабытных лясоў, балотных ландшафтаў, г.зв. няўдобіц, лугавін, а таксама безгаспадарчым умяшаннем чалавека ў экалагічнае асяроддзе. У традыцыйнай народнай гаспадарцы здаўна істотную ролю адыгрывалі збор лясных ягад, пладоў, грыбоў, лугавых траў (кармавых, лекавых, дэкаратыўных), караняплодаў, падсечка дрэў і нарыхтоўка раслінных сокаў, збіранне мёду дзікіх пчол і інш. Кожны з гэтых заняткаў патрабаваў ведання мясцовай экалогіі, харчовых і лекавых якасцей тых ці інш. раслін, аптымальных тэрмінаў іх збору, спосабаў першаснай апрацоўкі, кансервацыі і ўжывання.
Шчодрасць лясных дароў рабіла іх даступнымі амаль для кожнага, яны не з'яўляліся ласункам для сельскага жыхара. Лясныя ягады — суніцы, чарніцы, брусніцы, буякі, маліны, парэчку, агрэст, ажыну — ужывалі часцей свежымі. Яны выкарыстоўваліся асобна і ў якасці складовых кампанентаў многіх кулінарных вырабаў — пірагоў, варэнікаў, кісялю, кулагі, розных напояў. Значную колькасць ягад нарыхтоўвалі ў запас: брусніцы парылі ў гаршках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, дадаючы прыправы; з іх рабілі сокі і павідла (на мёдзе); чарніцы часцей сушылі; журавіны захоўвалі замарожанымі, дадавалі ў квашаную капусту, выраблялі з іх сокі і напоі. Ягады каліны і рабіны збіралі позняй восенню, захоўвалі на гарышчах; суквецці каліны закладалі таксама ў стажкі разам з сенам, дзе яны вылежвалі пэўны тэрмін. У значным аб'ёме назапашвалі ў лесе грушы, яблыкі, жалуды, арэхі. Грушы, як і жалуды, ссыпалі ў засекі свірнаў ці стопак, дзе яны даспявалі, сушылі ў пячах. Яблыкі разразалі на скрылькі, нанізвалі на суровыя ніткі, вязанкамі сушылі на сонцы; пад восень іх закладвалі ў стажкі сена, дзе яны захоўваліся нярэдка на працягу ўсей зімы.
Прыкметнае месца ў традыцыйнай гаспадарцы мела збіранне розных відаў грыбоў. Перавагу аддавалі баравікам, падасінавікам (чырвонагаловікі), у вялікай колькасці збіралі абабкі, махавікі, маслякі (казлякі), лісічкі, апенькі, рыжыкі, зялёнкі, ваўнянкі. 3 мухамораў рабілі атруту для насякомых. У кожнай мясцовасці былі свае звычаі і асаблівасці ва ўжыванні тых ці інш. відаў грыбоў, у спосабах іх апрацоўкі і захавання. Большасць грыбоў ужывалі свежымі (смажанымі ці варанымі), значную частку закладвалі ў кадушкі на засол; баравікі, падасінавікі, абабкі сушылі ў запас. Сушаныя грыбы і ягады сяляне збывалі на мясцовых кірмашах, прадавалі скупшчыкам, якія развозілі іх далёка за межы Беларусі, асабліва ў стэпавыя раёны Украіны.
Пераважна вясной і ў пачатку лета, калі буяла маладая флора, шырока ўжывалі ў ежу лугавыя шчаўе і цыбулю, хрэн, крапіву, лебяду, кісліцу, аер, кветкі ліпы і інш. Лісце шчаўя, крапівы, лебяды збіралі да іх цвіцення, складвалі ў фаскі і макітры, перасыпалі па слаях соллю, дадавалі кмену і інш. духмяных эёлак, квасілі ў запас. 3 іх гатавалі пасля розныя вадкія стравы (варывы). Шчаўе, кісліцу, цыбулю лугавую, маладыя пабегі аеру і інш. ўжывалі таксама «жывымі» без усялякай апрацоўкі. Аер, лісты клёна і дуба выкарыстоўвалі пры выпечцы хлеба. 3 іван-чаю (скрыпеню), чабору, мацярдушкі, зверабою, кветак і маладых пабегаў ліпы гатавалі адвары. Мноства лекавых раслін сушылі на зіму. У якасці лекаў выкарыстоўвалі адвары з галінак маліны, парэчкі, вішні, кары дуба, крушыны, каліны.
У Палессі і Паазер'і яшчэ ў XIX ст. сустракаўся своеасаблівы промысел — збор яек дзікіх птушак. Вясною ў нядзелю і па святах маладыя хлопцы гуртамі адпраўляліся ў Пінскія балоты збіраць яйкі дзікіх качак і гусей і «прыносілі іх столькі, колькі ў стане данесці кожны. Тады ва ўсей вёсцы наладжвалася сапраўднае свята: у кожнай хаце дармавая яечня». Збіральніцтва займала прыкметнае месца ў народным жыцці і на працягу многіх стагоддзяў рэгулявалася звычаёвым правам. Паводле Статуту Вялікага княства Літоўскага (1588), сяляне захоўвалі права «ўступу» у дзяржаўныя і панскія лясы дзеля збору грыбоў, ягад, мёду дзікіх пчол і інш. Пазней яны паступова страчвалі такое права і павінны былі плаціць за яго чынш ці адрабляць на карысць землеўладальніка некалькі дзён у годзе.
Збіральніцтва — адзін з нямногіх старажытных промыслаў, які захаваў ва ўмовах урбанізацыі і прамысловай рэвалюцыі сваю архаічную форму і індывідуальны характар ручной працы. У наш час збіральніцтва часцей мае форму аматарскага занятку, актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды.
Літаратура
правіць- Цітоў В. Збіральніцтва // Праект «Наша ежа»
Збіральніцтва на Вікісховішчы |