Слуцкае гета
Слуцкае гета (жнівень 1941 — 8 лютага 1943) — месца прымусовага перасялення яўрэяў горада Слуцка і ваколіц падчас пераследу і знішчэння яўрэяў у час акупацыі тэрыторыі Беларусі войскамі Нацысцкай Германіі ў перыяд 2-й сусветнай вайны.
Ход падзей
Стварэнне першага гета
Пасля захопу горада нямецкімі войскамі гебітскамісарам акругі быў прызначаны Генрых Карль (ням.: Heinrich Carl). У Слуцку пачалася падрыхтоўка да ізаляцыі яўрэяў. У ліпні была праведзена пашпартызацыя жыхароў горада. У пашпартных картках пазначаўся пол, узрост і спецыяльнасць. Яўрэяў абавязалі насіць на адзежы спераду і ззаду дзве жоўтыя зоркі з тканіны. Вялікая частка яўрэяў была пераселеная на тэрыторыю, дзе ў наш час размяшчаецца 10-ы ваенны гарадок. У сваіх дамах засталіся жыць сем'і кваліфікаваных рамеснікаў ці спецыялістаў.
Непрацаздольных жыхароў гета невялікімі партыямі вывозілі ва ўрочышча Гараваха і там расстрэльвалі. Напачатку кастрычніка за адзін раз расстралялі 500 пажылых яўрэяў, якім сказалі, што іх вязуць на сельскагаспадарчыя работы. Працаздольныя жыхары гета працавалі на створаных немцамі прадпрыемствах і майстэрнях, у прыватнасці, на гарбарнай фабрыцы.
Пагром у кастрычніку 1941
27—28 кастрычніка 1941 года ў гета прайшла масавая акцыя знішчэння, выканаўцамі якой былі літоўскія калабарацыяністы з 12-га ахоўнага батальёна пад кіраўніцтвам маёра Антанаса Імпулявічуса[1]. Гебітскамісар Карль пісаў 30 кастрычніка генеральнаму камісару Беларусі Вільгельму Кубэ:
«Што да самага спосабу правядзення акцыі, я павінен з глыбокім жалем адзначыць, што ён межаваў з садызмам. Сам горад падчас акцыі ўяўляў сабой жахлівую карціну. З неапісальнай лютасцю, як з боку нямецкіх паліцыянтаў, так і з боку літоўскіх партызан, яўрэйскае насельніцтва, а таксама нямала беларусаў, былі выведзены з хат і сагнаны ў адно месца. Паўсюль у горадзе была стральба, і на некаторых вуліцах валяліся трупы яўрэяў. Мала таго, што з яўрэйскім насельніцтвам, у тым ліку і з рамеснікамі, абыходзіліся па-зверску прама на вачах у беларускага насельніцтва, але і само беларускае насельніцтва сапраўды гэтак жа падвяргалася збіванню гумовымі дубінкамі і прыкладамі.»
Карль паказваў, што забойствы суправаджаліся масавымі рабункамі, вымаганнем і вандалізмам і прасіў каб яго назаўсёды пазбавілі ад прысутнасці гэтага літоўскага батальёна.
Па ўспамінах відавочцаў у гэты дзень у Гаравахе былі расстраляны 5 тысяч чалавек. Літоўскаму батальёну аказваў дапамогу 3-і батальён які складаўся з немцаў і дапаможная паліцыя Слуцку, якая складалася з мясцовых жыхароў.
Стварэнне «закрытага» гета
Пасля кастрычніцкай акцыі частка пакінутай у жывых моладзі сышла ў партызаны. У сувязі з гэтым немцы стварылі новае гета — у раёне так званага Школішча (цяпер вул. Парыжскай Камуны, месца, якое займае СШ № 6 і паўночная частка вуліцы Манахава), дзе да вайны кампактна пражывалі яўрэі. Новае гета абнеслі калючым дротам і пільна ахоўвалі. Напярэдадні пераводу яўрэяў у новае гета некалькі сотняў непрацаздольных былі расстраляны.
Ліквідацыя гета
5 лютага 1943 года начальнік паліцыі бяспекі і СД оберштурмбанфюрар СС Эдуард Штраўх падпісаў загад пра ліквідацыю Слуцкага гета. Апроч паліцыі бяспекі ў акцыі былі задзейнічаны 110 ваенных латышскай добраахвотніцкай роты[2].
Акцыя працягвалася з 7:00 7 лютага да 20:00 8 лютага. З-за таго, што частка жыхароў гета хавалася ў загадзя падрыхтаваных сховішчах, камандаванне акцыяй прыняло рашэнне выкарыстаць агнямёты. Гета было цалкам спалена, а ўсе жыхары забітыя.
Пасля вайны
У памяць пра загінулых у цэнтры горада ўсталяваны помнік. Ён падвяргаўся антысеміцкаму вандалізму ў красавіку 2008[3] і ліпні 2009 года[4].
Па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых забойствах Эстонія расследуе дзейнасць свайго грамадзяніна Міхаіла Гаршкова. Гаршкоў — былы супрацоўнік гестапа, які абвінавачваецца ў садзейнічанні забойству 3 тысяч чалавек у Слуцкім гета. Гаршкоў у 1953 годзе атрымаў грамадзянства ЗША, але ў 2002 быў яго пазбаўлены ў сувязі з тым што схлусіў пры атрыманні грамадзянства пра сваю калабарацыянісцкую дзейнасці падчас вайны. У 2001 годзе ў Аўстраліі памёр адзін з саўдзельнікаў злачынства ў гета — Карліс Озалс (Karlis Ozols)[5].
Зноскі
- ↑ Чуев С. Г. Местные полицейские формирования // Спецслужбы Третьего Рейха. — Olma Media Group, 2003. — С. 144. — 449 с. — (Досье (Олма-Пресс).: Спецслужбы мира). — ISBN 9785765428313
- ↑ Февраль
- ↑ Невядомыя вандалы размалявалі помнік вязням Слуцкага гета
- ↑ У Слуцку вандалы апаганілі мемарыял ахвярам Халакоста(недаступная спасылка)
- ↑ Апошні «беларускі» нацыст дажывае ў Эстоніі Архівавана 23 верасня 2015.