Білі Гілмэн
Білі Гілмэн | |
---|---|
Billy Gilman | |
Асноўная інфармацыя | |
Поўнае імя | Уільям Уэндэл Гілмэн ІІІ |
Дата нараджэння | 24 мая 1988 (36 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Краіна | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | спявак, аўтар песень, студыйны музыкант |
Гады актыўнасці | 1999 — цяпер. час |
Інструменты | вакал |
Жанр | кантры, поп-музыка |
Супрацоўніцтва |
Рэй Бэнсан Шарлота Чэрч Мэці Стэпанек |
Лэйблы |
Epic Nashville (1999-03) Image Entertainment (2005-06) Cotton Valley Records (2012) |
Узнагароды | |
Афіцыйны сайт |
Білі Гілмэн (поўнае імя Уільям Уэндэл Гілмэн ІІІ, англ.: William Wendell Gilman III) — амерыканскі спявак, выканаўца музыкі кантры. Зрабіўся папулярным ва ўзросце 11 год дзякуючы вялікаму поспеху свайго дэбютнага альбома «One Voice». Альбом зрабіўся двойчы плацінавым, а сам Білі быў намінаваны на прэмію Грэмі ў катэгорыі Лепшае Мужчынскае Вакальнае Выкананне ў стылі кантры. Білі і дагэтуль трымае рэкорд самага юнага намінанта Грэмі. На момант намінацыі яму было 12 гадоў і 273 дні. Білі Гілмэн з'яўляецца ўладальнікам яшчэ аднаго рэкорду: у 12 гадоў Білі зрабіўся самым маладым выканаўцам за ўсю гісторыю музычнай індустрыі ва ўсіх музыкальных жанрах сярод тых, хто атрымаў сертыфікацыю Platinum.
Выпусціў агулам 6 студыйных альбомаў.
Аднымі з асноўных напрамкаў дзейнасці Білі, апроч музыкі, з'яўляюцца дабрачыннасць і ўвага да сацыяльных праблем.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Білі Гілмэн нарадзіўся 24 траўня 1988 года ў Вэстэрлі, Род-Айлэнд у сям'і тэхніка нафтавай кампаніі і былой сакратаркі, гадаваўся ў Хоўп Вэлі, дзе пачаў даваць свае першыя выступленні, звычайна на рознага кшталту кірмашах, калі яму было 7 год. Білі з маленства вылучаўся добрымі ведамі музыкі кантры і рэпертуараў занкамітых кантры-спевакоў. Хлопчыкам зацікавіліся мясцовы педагог па вакалу Анджэла Бакары, а потым і вядомы кантры-выканаўца Рэй Бэнсан з бэнда «Asleep At The Wheel». Менавіта Бэнсан дапамог Білі запісаць яго першыя дэма-запісы, а таксама запрасіў Білі ўдзельнічаць у шэрагу сваіх музычных шоу у Нэшвіле. Бэнсан у сваю чаргу пазнаёміў Білі з менеджарам Скотам Сайманам, які працаваў на Sony Music Nashville. Так пачалася музычная кар'ера Білі Гілмэна.
Музычная кар'ера
[правіць | правіць зыходнік]Віцэ-прэзідэнт Sony Music Nashville, уплывовы прадзюсар Блэк Чэнсі наведаў адзін з выступаў Білі Гілмэна і вырашыў падтрымаць юнага спевака. Прадзюсарамі для будучага альбома Білі былі выбраныя Дон Кук і Дэвід Мэлой[1]. Паспяховы прадзюсарскі дуэт працаваў з Білі да моманту скасавання кантракта з Sony Music Nashville, але за гэты час было створана шмат папулярных песень і выдадзены шэраг альбомаў, якія атрымалі сертыфікацыі Gold і Platinum.
27 траўня 2000 года Білі Гілмэн выдаў свой першы сінгл «One Voice», які ў той жа час зрабіўся папулярным, як сярод прыхільнікаў музыкі кантры, так і сярод іншай музычнай аўдыторыі. Пасля выхаду сінгла, Білі паспеў паўдзельнічаць у шэрагу папулярных тэлешоу Опры Уінфры, Роўзі О'Донэл и Лары Кінга, а таксама пабываць на ўручэнні прэмій Country Music Awards (CMA) і American Music Award (AMA), дзе выйграў намінацыю Лепшага Новага Артыста ў стылі кантры. Галоўнай падзеяй была намінацыя на Грэмі ў катэгорыі Лепшае Мужчынскае Вакальнае Выкананне ў стылі кантры, дзе Білі прайграў легендарнаму Джоні Кэшу.
На 13 лістапада 2000 года Білі быў найбольш паспяховым спеваком музыкі кантры па продажах альбомаў. Да канца 2001 года, Білі ў супрацоўніцтве з Кукам і Мэлоем выпусціў яшчэ два альбома, адзін з кампіляцыяй калядных песень Classic Christmas і другі з новым матэрыялам Dare to Dream. Абодва альбома былі сертыфікаваныя Асацыяцыяй Гуказапісваючых Кампаній Амерыкі (RIAA) адзнакай Gold.
Перыяд 2000—2002 з'яўляецца самым паспяховым у музычнай кар'еры Білі Гілмэна. Першыя тры альбомы разышліся шматмільённым накладам і атрымалі станоўчыя рэцэнзіі ад крытыкаў. Білі таксама запісаў дуэт з валійскай спявачкай Шарлотай Чэрч, а таксама ўзяў удзел у запісе альбома дзіцячых песень Country Goes Raffi. У верасні 2001 года Білі запрасілі на святкаванне 30-годдзя творчай дзейнасці Майкла Джэксана ў Нью-Ёрку. Білі выканаў кампазіцыю Ben — сінгл Джэксана 1972 года. У 2002 Білі дэбютаваў у Брадвейскім мюзікле 'Гісторыя двух гарадоў’.
У другой палове 2002 года голас Білі Гілмэна пачаў змяняцца, што прымусіла спевака адмяніць усе запланаваныя канцэрты і зрабіць вымушаны вакальны адпачынак. Лекары забаранілі Білі спяваць і нават размаўляць, бо гэта магло прывесці да сур'ёзных дэфармацый галасавых звязак.
"Маёй першай думкай было “чаму так хутка?” Я толькі пачынаў вучыцца, як карыстацца сваім голасам, адчуваў сябе камфортна ў музыцы, быў у цэнтры ўвагі і рабіў тое, што трэба было рабіць. Я звярнуўся да лекараў у клініку Вандэрбільдта, што ў Нэшвіле, - найлепшую клініку, якая спецыялізуецца на праблемах з голасам, і яны параілі мне “не спяваць і не гаварыць увогуле”" ——Білі Гілмэн пра перыяд змен у сваім голасе[2]
|
У 2003 годзе Білі вярнуўся да музычнай дзейнасці і выпусціў новы альбом «Music Through Heartsongs». Адметнай рысай гэтага альбома быў той факт, што ўсе кампазіцыі былі запісаны на вершы 13-гадовага хлопчыка Мэці Стэпанека хворага на мускульную дыстрафію, з якім Білі пазнаёміўся яшчэ ў 2000 годзе на шоу Лары Кінга. У жніўні 2003 года па рэкамендацыі Стэпанека Білі быў аб'яўлены Амбасадарам амерыканскай Асацыяцыі хворых на мускульную дыстрафію (MDA). Альбом быў апошнім сярод ўсіх альбомаў Білі, які трапіў у U.S. Billboard 200 і апошнім у супрацоўніцтве Білі Гілмэна і Sony Music Nashville.
У 2005 годзе Білі Гілмэн падпісаў кантракт з лэйблам Image Entertainment, пасля чаго выпусціў два новых альбомы: Everything and More (2005) і аднайменны Billy Gilman (2006). Гэта былі апошнія студыйныя альбомы Гілмэна. У перыяд з 2007 па 2009 Білі запісаў шэраг сінглаў, такіх як «When You Come Home», «I Know», «I've Changed», але афіцыйнага выдання новага альбома так і не атрымалася.
16 красавіка 2012 года Білі Гілмэн вярнуўся да музычнай дзейнасці з сінглам «The Choice». Песня была адмыслова напісана для падтрымкі дабрачыннага праекта Soles4Souls, які збірае абутак для людзей, якія жывуць у жудаснай галечы і не могуць дазволіць сабе пакупку новага абутку. Да запісу сінгла далучыліся яшчэ 18 спевакоў кантры, сярод якіх Алан Джэксан, Рэба Макінтайр, Кейт Урбан, Рычы МакДональд і іншыя[3]. Таксама быў зняты адпаведнае відэа для песні, дзе афіцыйна гучыць заклік падтрымаць дабрачынныя дзеянні Soles4Souls.
На сённяшні дзень Білі Гілмэн працуе над сваім новым музычным праектам разам з Дэнам Мэрфам і Філіпам Дугласам.
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Білі Гілмэн жыве ў Хоўп Вэлі, штат Род Айлэнд разам са сваімі бацькамі Білам-старэйшым і Фрэн Гілмэн, а таксама з малодшым братам Колінам. Гілмэн захапляецца творчасцю Пэм Ціліс, Аўрыл Лавін, а таксама Джона Бон Джові і Марка Энтані. Адной з любімых кніг Білі з'яўляецца «Хобіт» Джона Толкіна.
Дыскаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Студыйныя альбомы і кампіляцыі
[правіць | правіць зыходнік]Назва | Дэталі Альбома | Пік пазіцыя альбомаў у чартах свету | Сертыфікацыя | ||
---|---|---|---|---|---|
US Country | US | US Indie | |||
One Voice |
|
2 | 22 | — | |
Classic Christmas |
|
4 | 42 | 5 |
|
Dare to Dream |
|
6 | 45 | — |
|
Music Through Heartsongs |
|
15 | 109 | — | |
Everything and More |
|
39 | — | 17 | |
Billy Gilman |
|
55 | — | 29 | |
«—» азначае рэлізы, якія не трапілі ў чарт |
Сінглы
[правіць | правіць зыходнік]Год | Сінгл | Пікавыя пазіцыі ў чартах | Альбом | |||
---|---|---|---|---|---|---|
US Country | US | US AC | UK | |||
2000 | «One Voice» | 20 | 38 | 29 | 84 | One Voice |
«Oklahoma» | 33 | 63 | — | — | ||
2001 | «There's a Hero» | — | — | — | — | |
«She's My Girl» | 50 | — | — | — | Dare to Dream | |
«Elisabeth» | 56 | — | — | — | ||
2005 | «Everything and More» | — | — | — | — | Everything and More |
«Hey, Little Suzie (The Cause of All That)» | — | — | — | — | ||
2006 | «Gonna Find Love» | — | — | — | — | Billy Gilman |
«Southern Star» | — | — | — | — | ||
2007 | «Crying» | — | — | — | — | Без альбома |
2008 | «When You Come Home» | — | — | — | — | |
2009 | «I Know» | — | — | — | — | |
2009 | «She Wanted More» | — | — | — | — | |
2009 | «Honky Tonk Parade» | — | — | — | — | |
2009 | «I've Changed» | — | — | — | — | |
«—» азначае рэлізы, якія не трапілі ў чарты |
Відэакліпы
[правіць | правіць зыходнік]Год | Відэа | Рэжысер |
---|---|---|
2000 | «One Voice» | Трэй Фэнджой |
«Oklahoma» | ||
«Warm and Fuzzy» | Дэйвід МакКалістр | |
2001 | «There's a Hero» | Брэнт Хэджкок |
«She's My Girl» | ||
«Elisabeth» | Шаўн Сілва | |
2003 | «I Am (Shades of Life)» | |
2005 | «Everything and More» | Алек Эстэн |
«Hey, Little Suzie (The Cause of All That)» | ||
2012 | «The Choice» (Білі Гілмэн і сябры) | Шон Томас |
Зноскі
- ↑ Біяграфія Білі Гілмэна на billygilmanfans.com(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2013. Праверана January 17, 20113. (англ.)
- ↑ Біяграфія Білі Гілмэна на countrymusic.about.com(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 сакавіка 2013. Праверана January 17, 2013. (англ.)
- ↑ Білі Гілмэн: Навіны на сайце billygilman.com(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 ліпеня 2013. Праверана January 17, 2013. (англ.)
- ↑ RIAA's Gold & Platinum Program searchable database: Gilman . Праверана 2012-15-12. (англ.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- billygilman.com — афіцыйны сайт Білі Гілмэна
- Billy Gilman (англ.) на сайце AllMusic
- Білі Гілмэн на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- Білі Гілмэн ў сацыяльнай сетцы «Twitter»