[go: nahoru, domu]

Перайсці да зместу

Audi A4 DTM

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Audi A4 DTM
Агульныя даныя
На рынку
Папярэднік
Папярэднік
Пераемнік
Пераемнік

Audi A4 DTM — гоначныя аўтамабілі маркі Audi. Выкарыстоўваліся ў чэмпіянаце DTM у 2004—2011 гады. За восем сезонаў гоншчыкі Audi перамаглі ў 34 гонках і заваявалі пяць чэмпіёнскіх тытулаў (у 2004, 2007, 2008, 2009, 2011 гады)[1].

Аўтамабілі чэмпіянату DTM прадстаўляюць сабой гоначныя прататыпы-«сілуэты»  (англ.), якія толькі вонкава падобныя на дарожныя Audi A4. Асновай машыны з’яўляецца трубчасты каркас з вугляпластыкавым монакокам і ўдарнымі элементамі з вугляпластыку спераду і ззаду. Дах разам са стойкамі ўзяты ад серыйнай мадэлі, астатняя частка корпуса выраблена з пластыку. Агулам, без уліку рухавіка і трансмісіі, Audi A4 DTM складаецца прыкладна з 6000 дэталяў[2].

Са знятай пярэдняй маскай.
Задняе апярэнне (Audi A4 DTM R14).

Кузаў мае прапрацаваную аэрадынаміку з маленькімі крыльцамі на вуглах пярэдняга бампера, жабрамі на пярэдніх крылах і багатым апярэннем ззаду. Пад пярэднім абцякальнікам знаходзяцца паветраводы. Адным з іх з’яўляецца калектар, які падае паветра ў рухавік. Астатнія паветраныя каналы служаць аэрадынаміцы і забяспечваюць прыціскную сілу. Ззаду ўсталявана падвойнае антыкрыло.

Рухавік — V8, з вуглом развалу цыліндраў 90°, з сухім картарам, па чатыры клапаны на цыліндр, без наддзімання. Упырск паліва абсталяваны сістэмай кіравання Bosch MS 2.9. Аб’ём — 4,0 л., магутнасць — каля 460 к.с., круцільны момант — звыш 500 Н·м[3]. Рэгламент патрабаваў наяўнасці двух абмежавальнікаў расходу паветра, кожны дыяметрам 28 мм. Таксама, у адпаведнасці з рэгламентам, рухавік без вадкасцяў і выпускных калектараў павінен быў важыць не менш за 165 кілаграмаў[2].

Каробка перадач — шасціступеньчатая, секвентальная. Счапленне — двухдыскавае, з вугляроднага валакна. Прывад — задні. Дыферэнцыял — рэгуляваны, шматдыскавы, падвышанага трэння[3].

Рулявое кіраванне ажыццяўляецца рэечным механізмам з сервапрывадам. Падвеска — спераду і ззаду незалежная, на падвойных папярочных рычагах са штурхачом, спружынна-амартызуючым блокам і рэгуляванымі газавымі амартызатарамі. Тармазная сістэма — гідраўлічная, двухконтурная. Тармазныя супарты — з лёгкага металу, тармазныя дыскі — з вугляроднага валакна з унутранай вентыляцыяй. Размеркаванне тармазных высілкаў бесступеньчата рэгулюецца пілотам. Дыскі — OZ  (англ.), каваныя, алюмініевыя, спераду: 10x18 цаляў, ззаду: 11x18 цаляў. Шыны — Dunlop SP Sport Maxx, пярэднія: 265/660 R18, заднія: 280/660 R18[3][4]. У сезоне 2011 года выкарыстоўваліся шыны Hankook[5].

Какпіт.
Какпіт (руль зняты).

Каб дасягнуць размеркавання вагі 48 % спераду і 52 % ззаду, рухавік усталяваны за пярэдняй воссю, а пілот сядзіць далёка ззаду — за сярэдняй стойкай. Для спрашчэння пасадкі ў машыну руль здымаецца. Сядзенне не рэгулюецца, а індывідуальна падганялася пад гоншчыка.

Перад пілотам над рулём знаходзіцца інфармацыйны дысплей. Ён змяшчае тахометр, таймер круга, спідометр, а таксама паказвае вадзіцелю на якой перадачы ён зараз едзе. Над экранам загараюцца індыкатары пераключэння перадач, а пра блакіроўку колаў сігналізуюць лямпы абапал. На рулі размешчана схема трасы і некалькі кнопак. Злева: чорная кнопка радыёсувязі з камандай, жоўтая — абмежавальнік хуткасці на піт-лейн; справа: сіняя — уключэнне святла, зялёная — кіруе помпай для пітной вады. За рулявым колам размешчаны пялёсткі: левы пераключальнік актывізуе ручны тормаз пры старце з месца, правы адказвае за астуджэнне тармазнога супарта. Справа ад месца кіроўцы знаходзяцца рычаг пераключэння перадач і цэнтральная кансоль з блокам пераключальнікаў. На ёй ёсць некалькі паваротных рэгулятараў і кнопак. З іх дапамогай пілот можа, апроч іншага, рэгуляваць тармазны баланс і яркасць дысплея, а таксама актываваць вогнетушыцель. Таксама тут размешаныя галоўны выключальнік электрычнай сістэмы; кнопкі запальвання і стартара; уключальнік лямпы, якая папярэджвае пілотаў ззаду на стартавай рашотцы, што рухавік заглух[6][7].

Электронных асістэнтаў, якія маглі б дапамагаць пілоту, няма.

Даўжыня — 4800 мм, шырыня — 1850 мм, вышыня — 1200 мм. Ёмістасць паліўнага бака — 70 л[3]. Уласная вага аўтамабіля менш 1000 кг, але дадатковым баластам даводзілася да вызначанай рэгламентам велічыні[2].

Audi A4 DTM R11

Audi A4 DTM R11 — першая версія, пабудаваная ў адпаведнасці з новым тэхнічным рэгламентам, які з 2004 года прадугледжваў пераход ад двухдзверных купэ да чатырохдзверных седанаў. Новы аўтамабіль быў распрацаваны Audi Sport пад кіраўніцтвам Вольфганга Апеля (кіраўнік аддзела інжынірынга), Ульрыха Барэцкага  (англ.) (адказны за распрацоўку рухавіка) і Стэфана Айхера (кіраўнік праекта). Рухавік з’яўляецца далейшым развіццём матора, які стаяў на Abt-Audi TT-R. Ад папярэдніка былі запазычаныя таксама і каробка перадач, каркас бяспекі і тармазы. У аэрадынаміцы былі выкарыстаны рашэнні, раней рэалізаваныя на спартыўных прататыпах Audi R8[8][9][10]. Публічная прэм’ера адбылася ў канцы сакавіка 2004 года, першай гонкай новага аўтамабіля стаў этап у Гокенгайме[11].

Audi A4 DTM R12

З выхадам на рынак новага пакалення серыйнай Audi A4 быў распрацаваны і новы аўтамабіль DTM для сезона 2005 года. Пад новы дызайн рашоткі радыятара была зменена канструкцыя паветраных каналаў у пярэдняй частцы. Разам з гэтым, была агулам аптымізавана аэрадынаміка машыны. Прадугледжанае рэгламентам зніжэнне эфектыўнасці задняга антыкрыла шмат у чым было кампенсавана інжынерамі Audi. Асноўнымі напрамкамі дапрацоўкі шасі сталі зніжэнне вагі, паніжэнне цэнтра цяжару і паляпшэнне размеркавання вагі. Машыну стала прасцей наладжваць для розных трас. Для пілотаў павысілі ўзровень камфорту, у прыватнасці, папрацавалі над зніжэннем тэмпературы ў кабіне. Шэраг дэталяў рухавіка быў удасканалены, што павялічыла магутнасць, асабліва ў ніжнім і сярэднім дыяпазонах абаротаў[12].

Audi A4 DTM R12 plus

На сезон 2006 года далейшая распрацоўка машын была абмежавана, каб палегчыць нагрузку на бюджэт каманд. Прасторавая рама, каркас бяспекі, канструкцыя пярэдняй і задняй часткі кузава, трансмісія і картар счаплення заставаліся такімі ж, як у мінулым годзе.

R12 plus вонкава амаль не адрозніваецца ад мадэлі 2005 года. Пад абцякальнікам адрозненняў больш. Было перайначана размеркаванне паветра праз маторны адсек і пад ім. Абноўленая машына таксама атрымала палепшаны рухавік з большым круцільным момантам[13]. У прыватнасці, былі перапрацаваны картар і галоўка блока цыліндраў, у сістэме астуджэння выкарысталі ноў-хаў спортпрататыпа Audi R8[2].

Audi A4 DTM R13

Абвешчаная ў канцы 2005 года замарозка распрацоўкі ў значнай ступені была адменена ў 2007 годзе. Кузаў застаўся такім самым, як у папярэдняй версіі, але аэрадынаміка, шасі і рухавік былі ўдасканаленыя. Пікавая магутнасць не змянілася, але і магутнасці, і круцільнага моманту стала даступна больш ва ўсім дыяпазоне абаротаў. Гэта было дасягнута дзякуючы зніжэнню ўнутранага трэння. Быў паніжаны цэнтр цяжару. Аэрадынаміку аптымізавалі дзеля дасягнення яшчэ большай прыціскной сілы і паляпшэння каэфіцыента аэрадынамічнага супору. У шасі выкарысталі новыя амартызатары, а пад новыя шыны іначай рэгулявалі падвеску. Audi A4 DTM R13 быў прадстаўлены ў Іспаніі ў канцы лютага 2007 года. Вонкава гэтае пакаленне можна адрозніць ад мадэлі 2006 года па новых паветраводах у пярэдняй частцы[2].

Audi A4 DTM R14

Распрацоўка новай версіі з індэксам R14 пачалася ў сакавіку 2007 года. Афіцыйнае прадстаўленне адбылося на Жэнеўскім аўтасалоне ў пачатку сакавіка 2008 года. Машына атрымала вонкавы выгляд новага пакалення Audi A4 — Audi A4 B8[14]. R14 таксама адрозніваецца больш складанай аэрадынамікай задняй часткі.

Audi A4 DTM R14 plus

Пры распрацоўцы шостай мадыфікацыі Audi A4 DTM, якая атрымала індэкс R14 Plus, было ўнесена больш за 80 змен[15]. Аптымізавалі накіраванне паветранага патоку вакол аўтамабіля, дыфузара і праз маторны адсек. Прыток свежага паветра да рухавіка быў палепшаны дзякуючы новай упускной камеры. Было дасягнута лепшае размеркаванне круцільнага моманту. Адно са шматлікіх іншых удасканаленняў датычыцца больш аптымальнай цыркуляцыі масла. Брытанскі вытворца «AP Racing», які быў пастаўшчыком для ўсіх аўтамабіляў DTM, да сезона 2009 года падрыхтаваў палегчаныя тармазныя супарты. Заўважнай асаблівасцю R14 Plus было антыкрыло, якое цяпер мацавалася наверсе багажніка[16].

Кошт аўтамабіля складаў каля 800 000 еўра[17].

Са жніўня 2009 года (пасля гонкі на Нюрбургрынгу) далейшае развіццё машын было замарожана. Больш не дазвалялася змяняць аэрадынаміку, каркас бяспекі, сістэму рулявога кіравання, рухавік, падвеску, але за выключэннем амартызатараў. Змяняць амартызатары забаранілі з 1 сакавіка 2010 года. З моманту спынення распрацоўкі былі даступныя толькі тры розныя канфігурацыі аэрадынамікі, якія можна было выкарыстоўваць у залежнасці ад трасы[18].

Такім чынам, рэшту сезона 2009 года, а таксама сезоны 2010 і 2011 гадоў аўтамабілі выкарыстоўваліся ў нязменным выглядзе. У 2012 годзе набыў моц новы рэгламент, і Audi перайшла на машыны новага пакалення — купэ Audi A5 DTM.

Удзел у гонках

[правіць | правіць зыходнік]
Аўтамабіль чэмпіёна 2004 года Маціяса Экстрома.

За восем сезонаў агулам пілоты Audi A4 DTM заваявалі 43 поўл-пазіцыі, усталявалі 31 найхутчэйшы круг, перамаглі ў 34 гонках і заваявалі пяць чэмпіёнскіх тытулаў (у 2004, 2007, 2008, 2009, 2011 гады)[1].

У 2004 годзе Audi прыйшла ў чэмпіянат у якасці завадской каманды. Шэсць Audi A4 DTM спаборнічалі ў гонках з AMG-Mercedes C-класа і Opel Vectra GTS V8. Атрымаўшы чатыры перамогі Маціяс Экстром стаў чэмпіёнам, «Audi Sport Team Abt» выйграла камандны залік, а Audi стала першай сярод вытворцаў.

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2004 года[19]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Audi A4 DTM 04 5 Швецыя Маціяс Экстром 10 4 7 4 1 1 1 0 74 1
6 Германія Марцін Томчык 10 0 4 2 0 1 2 2 39 5
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline 11 Германія Крысціян Абт 10 0 0 0 0 3 8 3 1 16
12 Данія Том Крыстэнсан 10 1 2 0 1 2 1 0 43 4
Германія Audi Sport Infineon Team Joest 44 Італія Эмануэле Піро 10 0 0 0 0 10 5 1 11 11
45 Германія Франк Біла 10 0 0 0 0 10 9 2 0 17

У сезоне 2005 года Audi павялічыла колькасць машын да васьмі. «Abt Sportsline» выставіла на старт машыны новай генерацыі, «Joest Racing» — машыны 2004 года выпуску[20].

Па выніках сезона Экстром заняў другое месца, зноў стаўшы лепшым прадстаўніком маркі, Том Крыстэнсан скончыў сезон на трэцім месцы, аднак тытул чэмпіёна і перамогу ў камандным заліку заваяваў Mercedes.

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2005 года[21]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline Audi A4 DTM 05 1 Швецыя Маціяс Экстром 11 3 7 1 1 1 1 0 71 2
2 Германія Марцін Томчык 11 0 0 0 1 2 5 3 10 13
Германія Audi Sport Team Abt 5 Данія Том Крыстэнсан 11 0 5 2 0 1 2 1 56 3
6 Вялікабрытанія Алан Макніш 11 0 0 0 0 7 4 1 13 10
Германія Audi Sport Team Joest Racing Audi A4 DTM 04 14 Германія Крысціян Абт 11 0 1 0 0 3 2 2 16 9
15 Германія П’ер Кафер 11 0 0 0 0 5 5 2 5 15
Германія Audi Sport Team Joest 18 Італія Рынальда Капэла 11 0 0 0 0 10 10 4 0 20
19 Германія Франк Штыплер 11 0 0 0 0 5 5 2 8 14

Пасля таго, як марка «Опель» пакінула чэмпіянат, і «Мерседэс», і «Аўдзі» ў сезоне 2006 года павялічылі колькасць машын з 8 да 10, выставіўшы аўтамабілі трох пакаленняў. «Abt Sportsline» мела чатыры машыны новай версіі R12 plus. Каманды «Phoenix» і «Rosberg» удзельнічалі на леташніх машынах. Ціма Шайдэр атрымаў A4 DTM R12, якой раней кіраваў Алан Макніш. Былы аўтамабіль Экстрама перайшоў П’еру Каферу. Крысціян Абт заняў месца за рулём A4, якую ў мінулым годзе пілатаваў Марцін Томчык. Франк Штыплер карыстаўся былым аўтамабілем Тома Крыстэнсана. Колін Колес  (англ.) выставіў сваю каманду, для якой набыў дзве Audi A4 DTM R11 2004 года. Ваніна Ікс дэбютавала на машыне, якую папярэднія два гады вадзіў Крысціян Абт. Другой машынай каманды была A4 DTM R11, на якой Марцін Томчык выступаў у сезоне 2004 года, а ў 2005 годзе ёй карыстаўся П’ер Кафер[13][22].

Для аўтамабіляў 2006 года ўстанаўлівалася базавая маса 1070 кг. Акрамя таго, уводзілася правіла гандыкапаў: пасля кожнай перамогі ў наступнай гонцы дадаваліся пяць кілаграмаў, але не больш 20 кг (максімальная маса — 1090 кг). Прайграўшаму вытворцы дазвалялася кожны раз скідаць пяць кілаграмаў баласту, пры гэтым вага не павінна была быць менш 1060 кг[13]. У параўнанні з машынамі апошняй версіі, для аднагадовых аўтамабіляў задалі вагу на дзесяць кілаграмаў менш, для аўтамабіляў узору 2004 года — меней на 50 кілаграмаў[22].

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2006 года[23]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline Audi A4 DTM 06 4 Германія Марцін Томчык 10 1 3 1 0 1 1 0 42 4
5 Швецыя Маціяс Экстром 10 1 1 0 0 3 1 2 21 8
Германія Audi Sport Team Abt 6 Германія Хайнц-Харальд Фрэнтцэн 10 0 2 1 0 1 3 0 24 7
7 Данія Том Крыстэнсан 10 2 6 2 1 1 1 0 56 3
Германія Audi Sport Team Phoenix Audi A4 DTM 05 12 Германія Крысціян Абт 10 0 0 0 0 5 5 3 6 13
14 Германія П’ер Кафер 10 0 0 0 0 7 8 3 1 16
Германія Audi Sport Team Rosberg 15 Германія Франк Штыплер 10 0 0 0 0 7 6 4 3 14
16 Германія Ціма Шайдэр 10 0 0 0 0 8 6 1 12 10
Германія Futurecom TME Audi A4 DTM 04 19 Нідэрланды Йерун Блікемолен 2 0 0 0 0 17 12 0 0 20
Данія Нікалас К’еза 3 0 0 0 0 15 16 1 0 23
Нідэрланды Аліўе Тылеманс 3 0 0 0 0 19 13 0 0 21
Швецыя Тэд Б’ёрк 2 0 0 0 0 16 14 0 0 22
20 Бельгія Ваніна Ікс 10 0 0 0 0 14 11 3 0 19
Маціяс Экстром на трасе Брэндс-Хэтч, 2007 год.

Як і летась, у сезоне 2007 года ў агульнай колькасці прымалі ўдзел дзесяць машын Audi. «Audi Sport Team Abt Sportsline» і «Audi Sport Team Abt» мелі Audi A4 DTM апошняга пакалення. «Phoenix» і «Rosberg» выкарыстоўвалі аўтамабілі папярэдняй спецыфікацыі. Крысціян Абт атрымаў машыну, на якой у мінулым сезоне Хайнц-Харальд Фрэнтцэн заваяваў поўл-пазіцыю на этапе ў Гокенгайме. Яго калега па камандзе Аляксандр Прэма стартаваў на былой машыне Марціна Томчыка. Майк Рокэнфелер дэбютаваў на машыне Тома Крыстэнсана. Лукас Лур вадзіў машыну Маціяса Экстрома. «Futurecom TME» выкарыстоўвала два аўтамабілі 2005 мадэльнага года[24].

Мадэлі 2007 года пачыналі сезон з найбольшай вагой, для леташніх машын — на дзесяць кілаграмаў менш, а машыны ўзору 2005 года — на 30 кілаграмаў[24].

Па выніках сезона чэмпіёнам стаў Маціяс Экстром[25].

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2007 года[26]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline Audi A4 DTM 07 3 Германія Марцін Томчык 10 2 4 2 2 1 1 3 40 3
4 Швецыя Маціяс Экстром 10 1 7 1 2 1 1 1 50 1
Германія Audi Sport Team Abt 7 Данія Том Крыстэнсан 7 0 0 1 0 1 5 1 9 14
Германія Франк Біла 1 0 0 0 0 18 18 0 0 23
Германія Маркус Вінкельхок 2 0 0 0 0 9 14 1 0 19
8 Германія Ціма Шайдэр 10 0 1 1 0 1 2 2 25 7
Германія Audi Sport Team Rosberg Audi A4 DTM 06 11 Германія Майк Рокэнфелер 10 0 1 0 0 2 3 1 11 12
12 Германія Лукас Лур 10 0 0 0 0 10 8 1 1 17
Германія Audi Sport Team Phoenix 16 Германія Крысціян Абт 10 0 0 0 0 5 6 2 4 16
17 Францыя Аляксандр Прэма 9 0 1 0 0 3 2 2 13 11
Германія Марка Вернер 1 0 0 0 0 17 15 0 0 22
Германія Futurecom TME Audi A4 DTM 05 20 Вялікабрытанія Адам Кэрал 5 0 0 0 0 12 9 1 0 18
Германія Маркус Вінкельхок 5 0 0 0 0 9 12 1 0 19
21 Бельгія Ваніна Ікс 9 0 0 0 0 14 13 3 0 21
Ціма Шайдэр на трасе Брэндс-Хэтч, 2008 год.

Пілоты «Audi Sport Team Abt Sportsline» і «Audi Sport Team Abt» выступалі на Audi A4 DTM апошняга пакалення. Маркус Вінкельхок, які перайшоў у склад «Audi Sport Team Rosberg», атрымаў мінулагодняе шасі з нумарам R13-403, на якім Маціяс Экстром летась стаў чэмпіёнам DTM. Яго калега па камандзе Майк Рокэнфелер кіраваў былой А4 Тома Крыстэнсана[27].

Мінімальная маса была зададзена наступным чынам: для машын 2008 года — 1050 кг, 2007 — 1040 кг, 2006 — 1030 кг[28].

Чэмпіёнам ДТМ 2008 года стаў Ціма Шайдэр. У адзінаццаці гонках сезона ён восем разоў падымаўся на подыум[29].

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2008 года[30]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline Audi A4 DTM 08 1 Швецыя Маціяс Экстром 11 3 5 2 0 1 1 0 56 3
2 Германія Марцін Томчык 11 0 1 0 1 3 2 3 32 7
Германія Audi Sport Team Abt 9 Данія Том Крыстэнсан 11 0 3 2 2 1 3 1 27 8
10 Германія Ціма Шайдэр 11 3 8 4 2 1 1 0 75 1
Германія Audi Sport Team Phoenix Audi A4 DTM 07 14 Францыя Аляксандр Прэма 11 0 1 0 0 8 3 1 10 10
15 Вялікабрытанія Олівер Джарвіс 11 0 0 0 0 4 5 1 5 13
Германія Audi Sport Team Rosberg 18 Германія Майк Рокэнфелер 11 0 0 0 0 2 5 0 6 11
19 Германія Маркус Вінкельхок 11 0 0 0 0 8 6 2 6 12
Германія Futurecom TME Audi A4 DTM 06 20 Вялікабрытанія Кэтрын Лег 11 0 0 0 0 16 15 3 0 19
21 Нідэрланды Крысціян Альберс 11 0 0 0 0 11 10 4 0 17
Ціма Шайдэр на трасе Норысрынг, 2009 год.

У сезоне 2009 года прымалі ўдзел 11 машын Audi A4 DTM. Завадскія каманды мелі чатыры аўтамабілі новай версіі і пяць леташніх[31]. Каманда «Kolles Futurecom» выставіла тры аўтамабілі ўзору 2007 года. Пры гэтым, Крысціян Бакеруд атрымаў новапабудаваны асобнік. Нягледзячы на тое, што гэта была машына спецыфікацыі 2007 года, гэта быў цалкам новы аўтамабіль, выраблены заводам Audi ў Інгальштаце для каманды Коліна Колеса ў маі 2009 года[32].

Ціма Шайдэр паспяхова абараніў тытул. Ёе фінішаваў у ачках ва ўсіх дзесяці гонках, хоць і быў пасля дыскваліфікаваны ў Зандворце. Таксама быў адзіным, хто праехаў усе 548 кругоў у гонках сезона. Для маркі «Аўдзі» гэта была трэцяя перамога запар[33].

Гэты год стаў апошнім для «Futurecom». Па заканчэнні сезона каманда прадала свае аўтамабілі[34].

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2009 года[35]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Audi A4 DTM 09 1 Германія Ціма Шайдэр 10 2 6 1 2 1 1 0 64 1
2 Данія Том Крыстэнсан 10 1 2 2 0 1 1 1 21 8
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline 5 Швецыя Маціяс Экстром 10 0 5 3 2 1 2 1 41 5
6 Германія Марцін Томчык 10 1 4 1 0 1 1 3 35 6
Германія Audi Sport Team Rosberg Audi A4 DTM 08 11 Германія Майк Рокэнфелер 10 0 0 0 0 3 7 1 4 14
12 Германія Маркус Вінкельхок 10 0 0 0 0 7 4 3 11 10
Германія Audi Sport Team Phoenix 14 Францыя Аляксандр Прэма 10 0 0 0 1 6 4 4 6 13
15 Вялікабрытанія Олівер Джарвіс 10 0 2 1 0 1 2 3 18 9
Германія Audi Sport Team Abt Lady Power 21 Вялікабрытанія Кэтрын Лег 10 0 0 0 1 5 12 4 0 18
Германія Kolles Futurecom TME Audi A4 DTM 07 18 Данія Крысціян Бакеруд 9 0 0 0 0 13 12 1 0 19
19 Германія Ёханес Зайдліц 7 0 0 0 0 17 13 2 0 20
Германія Kolles Futurecom BRT 20 Чэхія Томаш Костка 10 0 0 0 0 11 11 2 0 17

У 2010 годзе выкарыстоўваліся тыя ж аўтамабілі, што і летась. Матыяс Экстром, Марцін Томчык, Маркус Вінкельхок і Аляксандр Прэма працягвалі кіраваць сваімі машынамі 2009 года. Олівер Джарвіс пераняў машыну Тома Крыстэнсана. Майк Рокэнфелер сеў за руль аўтамабіля, каторы раней пілатаваў Олівер Джарвіс. Навічок Мігель Маліна атрымаў A4, на якім летась выступала Кэтрын Лег, а яна атрымала папярэднюю машыну Майка Рокэнфелера. Толькі дзеючы чэмпіён Ціма Шайдэр атрымаў машыну, якая раней не выкарыстоўвалася ў гонках (нумар шасі R14-606)[36].

Базавая вага машын 2009 года засталася 1050 кілаграмаў, аўтамабілі 2008 года былі разгружаны на пяць кілаграмаў і пачалі сезон з 1025 кілаграмамі. Ад гандыкапаў, калі пасля кожнай гонкі машыны пераможцаў нагружаліся дадатковым баластам, адмовіліся[37].

Dunlop падрыхтавала шыны з абноўленым саставам гумы. Пасля перадсезонных тэстаў новыя шыны былі добра ацэненыя пілотамі[38], але цягам года Audi мелі з імі больш праблем, чым сапернікі на Mercedes[39]. Гоншчыкі Audi наракалі на слабую зваротную сувязь на пярэдняй восі, а заднія шыны не мелі таго счаплення, як у папярэднія гады. У выніку, пасля трох тытулаў запар, у сезоне 2010 года Audi змагла выйграць толькі дзве гонкі[40].

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2010 года[41]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Audi A4 DTM 09 1 Германія Ціма Шайдэр 11 1 5 2 2 1 1 0 53 4
2 Вялікабрытанія Олівер Джарвіс 11 0 0 0 0 3 4 1 18 9
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline 5 Швецыя Маціяс Экстром 11 1 3 2 2 1 1 3 35 5
6 Германія Марцін Томчык 11 0 0 0 0 2 4 0 20 8
Германія Audi Sport Team Phoenix Audi A4 DTM 08 9 Францыя Аляксандр Прэма 10 0 1 0 0 4 3 4 12 11
Ганконг Дарыл О’Янг 0 0 0 0 0 11 0 0 0
10 Германія Майк Рокэнфелер 11 0 1 0 1 2 3 0 22 7
Германія Audi Sport Team Rosberg 14 Германія Маркус Вінкельхок 10 0 0 0 0 5 4 4 7 12
15 Вялікабрытанія Кэтрын Лег 10 0 0 0 0 14 14 2 0 18
Германія Audi Sport Rookie Team Abt 18 Іспанія Мігель Маліна 11 0 0 0 1 4 4 3 15 10
Марцін Томчык на трасе Гокенгаймрынг, 2011 год.

2011 год стаў апошнім для Audi A4 у DTM. Ужо ішла пабудова новых машын пад рэгламент 2012 года, а пакуль працягвалі ўдзельнічаць R14 узору 2008 года і R14 plus 2009 года.

Галоўная перамена, якая адбылася ў гэтым сезоне, — пастаўшчыком шын для чэмпіянату DTM стала кампанія Hankook[5]. Перад інжынерамі стаяла задача ва ўмовах замарозкі рэгламенту адаптаваць аўтамабілі пад новыя шыны, не дапускаючы пры гэтым фундаментальных змен канструкцыі[40].

Вызначаная рэгламентам мінімальная вага засталася ранейшай. Для аўтамабіляў пакалення 2009 года гэта 1050 кілаграмаў, для машын 2008 года — на 25 кілаграмаў менш[42].

Па выніках сезона чэмпіёнам стаў Марцін Томчык. Ён кіраваў Audi A4 DTM узору 2008 года і стаў першым чэмпіёнам серыі DTM, хто здабыў тытул на старой машыне[43]. Маціяс Экстром заняў другое месца. «Abt Sportsline» перамагла ў камандным заліку[44].

Статыстыка выступаў у сезоне DTM 2011 года[45]
Каманда Шасі Пілот С П Пд ПП ХК ЛС ЛФ СХ А. М.
Германія Audi Sport Team Abt Audi A4 DTM 09 4 Германія Ціма Шайдэр 10 0 1 0 2 4 2 1 36 4
5 Вялікабрытанія Олівер Джарвіс 10 0 1 0 0 2 3 0 14 10
Германія Audi Sport Team Abt Sportsline 8 Швецыя Маціяс Экстром 10 3 5 2 1 1 1 1 52 2
9 Германія Майк Рокэнфелер 9 1 2 1 1 1 1 0 31 6
Данія Том Крыстэнсан 1 0 0 0 0 7 7 0 2 15
Германія Audi Sport Team Phoenix Audi A4 DTM 08 14 Германія Марцін Томчык 10 3 8 1 1 1 1 0 72 1
15 Швейцарыя Рахель Фрэй 10 0 0 0 0 15 12 0 0 19
Германія Audi Sport Team Rosberg 18 Партугалія Філіпі Албукеркі 10 0 1 0 0 2 2 2 9 12
19 Італія Эдаарда Мартара 10 0 2 0 0 4 3 1 21 9
Германія Audi Sport Team Abt Junior 22 Іспанія Мігель Маліна 10 0 1 2 0 1 3 1 11 11
  1. а б Grand finale for the Audi A4 DTM (англ.). audi-mediacenter.com (14 кастрычніка 2011). Праверана 10 лістапада 2023.
  2. а б в г д Der A4 DTM fürs Übergangsjahr (ням.). motorsport-total.com (6 сакавіка 2007). Праверана 10 лістапада 2023.
  3. а б в г Im Detail: Die Technik der DTM-Boliden (ням.). motorsport-total.com (7 красавіка 2008). Праверана 10 лістапада 2023.
  4. "Dunlop für die DTM. Reifen für Renner". Auto Bild(ням.). 2004-03-02. Праверана 2023-11-10.
  5. а б Hankook löst Dunlop ab 2011 als Reifenhersteller ab (ням.). motorsport-total.com (19 лістапада 2010). Праверана 10 лістапада 2023.
  6. Hochtechnologischer Arbeitsplatz (ням.). motorsport-total.com (17 лютага 2007). Праверана 10 лістапада 2023.
  7. Lämpchen, Zeiten und Informationen (ням.). motorsport-total.com (24 мая 2008). Праверана 10 лістапада 2023.
  8. The Audi A4 DTM: A new development made by Audi Sport (англ.). audi-mediacenter.com (27 лістапада 2003). Праверана 10 лістапада 2023.
  9. Successful roll-out for Audi A4 DTM (англ.). audi-mediacenter.com. Праверана 10 лістапада 2023.
  10. Audi in the DTM: Comeback in Europe’s most popular touring car series (англ.). audi-mediacenter.com (18 сакавіка 2004). Праверана 10 лістапада 2023.
  11. Audi presents the new A4 DTM (англ.). audi-mediacenter.com (29 сакавіка 2004). Праверана 10 лістапада 2023.
  12. First public appearance of the new Audi A4 DTM (англ.). audi-mediacenter.com (29 сакавіка 2005). Праверана 10 лістапада 2023.
  13. а б в Vorschau DTM 2006. Duell der Giganten (ням.). Auto Bild (5 красавіка 2006). Праверана 10 лістапада 2023.
  14. "Weltpremiere des neuen Audi A4 DTM". motorsport-total.com(ням.). 2008-03-05. Праверана 2023-11-10.
  15. Bernd Ostmann. Champions League im Tracktest (ням.). Auto Motor und Sport (6 жніўня 2010). Праверана 10 лістапада 2023.
  16. 2009 Audi A4 DTM R14 plus (англ.). supercars.net. Праверана 10 лістапада 2023.
  17. Ungleiche Brüder. A4 3.2 FSI quattro vs. A4 DTM 2008 (ням.). Auto Bild (10 красавіка 2008). Праверана 10 лістапада 2023.
  18. Entwicklungsstopp entlastet das Audi-Budget (ням.). motorsport-total.com (18 сакавіка 2010). Праверана 10 лістапада 2023.
  19. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2004 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 лістапада 2023.
  20. "DTM: Team Abt in DTM met nieuwe Audi's; Joest zet auto's 2004 in". autosport.nl(нідэрл.). 2004-12-10. Праверана 2023-11-10.
  21. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2005 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 лістапада 2023.
  22. а б The history of last year’s cars (англ.). audi-mediacenter.com (3 красавіка 2006). Праверана 10 лістапада 2023.
  23. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2006 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 кастрычніка 2023.
  24. а б "Alle für Einen: Audi setzt auf Teamwork". motorsport-total.com(ням.). 2007-04-19. Праверана 2023-11-10.
  25. "Ekström ist Meister!". motorsport-total.com(ням.). 2007-10-14. Праверана 2023-11-10.
  26. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2007 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 лістапада 2023.
  27. "Racing debut of the new Audi A4 DTM". motorsport.com(англ.). 2008-04-06. Архівавана з арыгінала 10 лістапада 2023. Праверана 2023-11-10.
  28. "Im Detail: Das neue Reglement". motorsport-total.com(ням.). 2008-04-06. Праверана 2023-11-10.
  29. "Audi driver Timo Scheider is 2008 DTM Champion". motorsport.com(англ.). 2008-10-27. Архівавана з арыгінала 10 лістапада 2023. Праверана 2023-11-10.
  30. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2008 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 лістапада 2023.
  31. "Audi confirms 2009 drivers line up". touringcartimes.com(англ.). 2009-02-17. Праверана 2023-11-10.
  32. "Bakkerud enjoys new 2007 Audi". touringcartimes.com(англ.). 2009-05-16. Праверана 2023-11-10.
  33. "1.798,720 Kilometer: Der lange Weg zum Titel". motorsport-total.com(ням.). 2009-10-27. Праверана 2023-11-10.
  34. "Kolles verkauft alte DTM-Audis". motorsport-total.com(ням.). 2009-11-28. Праверана 2023-10-31.
  35. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2009 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 лістапада 2023.
  36. DTM countdown: development freeze relieves Audi’s budget (англ.). audi-mediacenter.com (18 сакавіка 2010). Праверана 10 лістапада 2023.
  37. "DTM Reglement 2010. Veränderungen im Quali und an Gewichten". Auto Motor und Sport(ням.). 2010-04-13. Праверана 2023-11-10.
  38. "Piloten loben neuen Rennreifen von Dunlop". motorsport-total.com(ням.). 2010-04-01. Праверана 2023-11-10.
  39. Audis Sorgen: Reifenrätsel und zu viele Einzelfehler (ням.). motorsport-total.com (19 жніўня 2010). Праверана 10 лістапада 2023.
  40. а б "DTM 2011: Bewährte Technik, neue Reifen". Auto Bild(ням.). 2011-04-16. Праверана 2023-11-10.
  41. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2010 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 лістапада 2023.
  42. "Reglement 2011: Fahrzeuggewichte bleiben gleich". motorsport-total.com(ням.). 2011-04-27. Праверана 2023-11-10.
  43. "Tomczyk sichert sich DTM-Sieg vorzeitig". Stern(ням.). 2011-10-02. Праверана 2023-11-10.
  44. "Audi holt auch den Vize-Titel in der DTM". Stern(ням.). 2011-10-23. Праверана 2023-11-10.
  45. Deutsche Tourenwagen Masters Statistics and Results 2011 (англ.). motorsportstats.com. Праверана 10 лістапада 2023.