[go: nahoru, domu]

Перайсці да зместу

Гной (угнаенне)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гной
Выява
Матэрыял excrement[d]
Метад вырабу закісанне
By-product of жывёлагадоўля
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Подсцілкавы гной перад унясеннем на палеткі

Гной — арганічнае ўгнаенне на аснове экстрыментаў свойскай жывёлы. Выходзіць ў працэсе ферментацыі і мікраарганічнай апрацоўкі. Утрымоўвае ўсе неабходныя раслінам элементы сілкавання, валодае значным запасам арганічных рэчываў для стварэння гумусу ў глебе.

Гной таксама выкарыстоўваецца як субстрат, паліва, сыравіна ў прамысловасці, звязальны раствор у традыцыйным будаўніцтве.

Класіфікацыя гною залежыць ад паходжання і мэты яго выкарыстання. У сельскай гаспадарцы прынята адрозніваць:

  • Подсцілкавы гной
  • Бясподсцілкавы гной
  • Птушыны памёт і гуана
  • Фекаліі

Подсцілкавы гной утвараецца ў выніку выкарыстання подсцілкі (торф, салома, драўнянае пілавінне і г. д.) для стойлавай жывёлы. Подсцілкавы гной уяўляе сабою сумясь подсцілкі з цвёрдымі і вадкімі экстрыментамі. У сваю чаргу, подсцілкавы гной падзяляецца на:

  • Свежы і слаба згнілы, калі подсцілка і рэшткі кармоў нязначна змяняюць колер і трываласць
  • Напалову перапрэлы (подсцілка і рэшткі кармоў набываюць цёмна-карычневы колер, губляюць трываласць і лёгка раздзіраюцца)
  • Перапрэлы, што выглядае як аднастайная цёмная маса, з цяжкаадрознымі складовымі часткамі
  • Перагной — чорная аднастайная сыпкая маса

Падчас захавання хімічны склад подсцілкавага гною змяняецца. Не рэкамендуецца даводзіць яго да стадыі перапрэлага, бо гэта прыводзіць да памяншэння арганічных рэчываў у 2 — 3 разы[1]. Пры захаванні гною ўтвараецца гнойная жыжка — каштоўнае вадкае ўгнаенне.

На буйных жывёлагадоўчых комплексах подсцілка амаль не выкарыстоўваецца. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы Беларусі 60 % свойскай жывёлы трымаюцца без подсцілкі[2]. Бясподсцілкавы гной уяўляе сабою сумесь вадкіх і цвёрдых экстрыментаў з прымешкамі вады і кармоў. У залежнасці ад суадносін цвёрдай і вадкай фракцый вылучаюць:

  • Напалову вадкі (болей за 8 % сухіх рэчываў)
  • Вадкі (3 % — 8 % сухіх рэчываў)
  • Гнойныя сцёкі (меней за 3 % сухіх рэчываў)

Птушыны памёт таксама прынята падзяляць на подсцілкавы і бясподсцілкавы[3]. Гуана — сухое ўгнаенне. У залежнасці ад умоў захавання яно мае адрозны хімічны скдад і падзяляецца на вышчалачанае і нявышчалачанае[4].

Фекаліі — сумясь калу і мачы чалавека. У залежнасці ад умоў захавання і абеззаражання фекальныя масы адрозніваюцца па ўтрыманню карысных рэчываў[5].

Вытворчасць і захаванне

[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць і якасць гною ў вялікай ступені залежыць ад скормленых кармоў, відаў і ўзросту жывёл, тыпу кармлення, працягласці стойлавага перыяда, спосабаў утрымання і тэхналогіі назапашвання. Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь вызначае аб’ём вытворчасці гною ад адной галавы згодна наступнай норме[6]:

Жывёла Выхад гною, тон у год
Буйная рагатая жывёла 8
Конь свойскі 7
Свойская свіння 1,5
Авечка свойская 0,4
Птушка свойская 0,025

Выхад подсцілкавага гною ў сельскай гаспадарцы разлічваецца згодна формулам[7]:

  • Г = 4(К/2+П)
  • Г = 2(К+П),

дзе Г — выхад гною, К — сухое рэчыва корму, П — вага подсцілкі.

Склад подсцілкавага гною залежыць ад спосабу захоўвання: гарачы, халодны, гарачы прасаваны. Пры гарачым спосабе гной укладваецца ў вузкія (не шырэй за 3 м) штабелі. Пры халодным гной складуецца ў штабель шырынёй 5 м і вышынёй 1,5 — 2 м, адразу ж уплатняецца. Пры гарачым прасаваным гной спачатку ўкладваецца друзла пластамі 80 — 100 см, пасля падвышэння тэмпературы да 55 °C — 60 °C уплатняецца. Халодны спосаб з’яўляецца найбольш эфектыўным, паколькі пры гэтым менш губляецца азота і арганічных рэчываў, болей назапашваецца і захоўваецца аманійнага азота[8].

Гной захоўваецца ў сховішчах катлаваннага і наземнага тыпаў. Звычайна яны абсталяваны жыжказборнікамі. Паколькі гной мае спецыфічны пах і ўтрымоўвае небяспечныя для навакольнай экалогіі рэчывы[9], дзейнічаюць санітарныя нормы, якія прадугледжваюць будаўніцтва гнойных сховішчаў на пэўнай адлегласці ад чалавечага жытла і ферм, прыродных аб’ектаў, ізаляцыю гноя ад паверхневых і падземных вод[10].

Ужыванне ў земляробстве

[правіць | правіць зыходнік]

Гной — арганічнае ўгнаенне, якое выкарыстоўваецца ў земляробстве са старажытных часоў[11]. Ён мае працяглы тэрмін уздзеяння на расліны. Прыбаўка да ўраджаю пры яго ўнясенні на лёгкіх глебах адзначаецца на працягу 3 — 4 гадоў, а на цяжкіх — 5 — 6 гадоў[12]. У залежнасці ад ступені ферментацыі і вырошчваемай культуры гной уносяць у глебу ўвосень або ўвесну. Пад раннюю бульбу і капусту лепш уносіць пры асенняй апрацоўцы глебы, пад познія — можна і пры веснавым ўзворванні. Гарбузовыя патрабуюць добра ферментаваны гной, што ўносіцца ўвесну. Моркву, цыбулю і зеляніну лепей сеяць на другі год пасля ўнясення гною.

Для набліжэння паспявання культур выкарыстоўваюць гноевую жыжу. Яна адрозніваецца хуткасцю ўздзеяння. Мінеральныя элементы ў ёй знаходзяцца ў легкадаступнай для раслін форме. Для падкормкі раслін у вегетацыйны перыяд яе патрэбна разбаўляць вадой у суадносінах 1:5 ці 1:10. Гноевую жыжу таксама выкарыстоўваюць для прыгатавання тарфяна-жыжавых кампостаў, куды для павышэння якасці дабаўляюць мінеральныя ўгнаенні (на 10 л. — 30 — 50 г. суперфасфату або 20 — 30 г. бясхлорных калійных угнаенняў). Калі расліны бледныя або патрабуецца хутка нарасціць зялёную масу, да вадкіх арганічных угнаенняў дадаюць аміячную салетру: 10 — 20 г. на 10 л. раствора[13].

Зноскі

  1. Вильдфлуш И. Р., Агрохимия: учеб. для студ. с.­х. вузов. С. 224
  2. Вильдфлуш И. Р., Агрохимия: учеб. для студ. с.­х. вузов. С. 229
  3. Вильдфлуш И. Р., Агрохимия: учеб. для студ. с.­х. вузов. С. 234
  4. Guano Industry — Dictionary definition of Guano Industry
  5. Кидин В. В., Органические удобрения: Учебное пособие. — М.: Издательство РГАУ-МСХА, 2012. — С. 96 — 98
  6. Методика по расчету объема и индекса производства продукции сельского хозяйства (с изменениями и дополнениями, внесенными постановлениями Белстата от 16.03.2017 № 12, от 15.03.2019 № 6)
  7. Вильдфлуш И. Р., Агрохимия: учеб. для студ. с.­х. вузов. С. 225
  8. Вильдфлуш И. Р., Агрохимия: учеб. для студ. с.­х. вузов. С. 225—226
  9. Охрана земель с основами ландшафтоведения. Агроэкологическое зонирование территории : методические указания по выполнению лабораторной работы / О. А. Поддубный [и др.]. — Горки: БГСХА, 2016. — С. 8
  10. Санитарные правила для животноводческих предприятий
  11. Необычный навоз Архівавана 25 снежня 2019.
  12. Апанасенка І. П. Ваш прысядзібны ўчастак — С. 25
  13. Апанасенка І. П. Ваш прысядзібны ўчастак — С. 26