Макрамэ
Макрамэ (фр.: macramé, ад араб. مقرمة «тасьма, карункі, махры») — вырабы, створаныя ў тэхніцы вузельчыкавага ручнога пляцення; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Для макрамэ выкарыстоўваюць тоўстыя суровыя ніткі, сінтэтычны або шаўковы шнур і інш., іх часам дапаўняюць драўлянымі, керамічнымі пацеркамі, зашчэпкамі, скуранымі і іншымі дэкаратыўнымі дэталямі. Асновай для пляцення могуць служыць драўляныя, металічныя, пластмасавыя кольцы. Вырабляюць побытавыя і мастацкія рэчы: сумкі, кулоны, паясы, кашпо, абажуры, пано, абрусы, сурвэткі, кашалькі, футаралы і інш.
Як від мастацкай творчасці макрамэ пашырана з XV ст. ў Італіі, Паўночнай Еўропе, з XVIII ст. ў Расіі. На Беларусі тэхнікай макрамэ выраблялі ў XIX ст. карункі ручнікоў, паясы, галаўныя ўборы. Асаблівую папулярнасць макрамэ набыло ў 1970—80-я гады ў творчасці самадзейных майстроў і майстроў фабрык мастацкіх вырабаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Я. М. Сахута. Макрамэ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).